Арганізатары разагнанага ў Брэсце хардкор-канцэрта распавялі сваю версію падзеяў

У суботу, 19 студзеня, байнэт абляцела навіна, што напярэдадні ўвечары брэсцкая міліцыя затрымала 63 чалавекі. Адбылося гэта падчас хардкор-канцэрта, які праходзіў у бары «Рок-кафэ». Прысутных на мерапрыемстве музыкаў і слухачоў даставілі ў апорны пункт міліцыі ў мікрараёне «Паўднёвы». Пасля перапісу асабістых звестак усіх адпусцілі.

Ужо на наступны дзень у СМІ з’явіўся і афіцыйны каментар міліцыі. Паводле словаў праваахоўнікаў, на нумар «102» яны атрымалі паведамленне пра масавую бойку. Да таго ж, калі яны прыехалі на месца верагоднага канфлікту, усе прысутныя былі нападпітку.

У гутарцы з Еўрарадыё адзін з арганізатараў вечарыны, брэсцкі музыка Мікалай, абвяргае заявы міліцыянтаў. Паводле яго слоў, бойкі быць не магло, бо забеспячэнне парадку і фэйс-кантроль праводзілі самі ініцыятары. Аспрэчвае ён і заяву пра п’яную моладзь: ні перад, ні пасля затрымання праваахоўнікі не рабілі агляд на алкагольнае ап’яненне. Сам Мікалай не адмаўляе, што большасць прысутных належала да суполкі антыфашыстаў. Менавіта масавы сход аднадумцаў, мяркуе малады чалавек, і стаў прычынай затрымання:


«Па-першае, трэба адзначыць, што гэта не першы выпадак такіх дзеянняў з боку праваахоўных органаў. Я лічу, што гэта проста спосаб палітычнага ціску — усяленне страху: цябе забіраюць ні за што, таму што гэта можна! Грамадства цяпер успрымае такую думку, што чалавек можа ісці па вуліцы — і яго могуць забраць. То бок, гэта такая нармалізацыя ненармалёвых рэчаў: я прыйшоў на канцэрт і мушу быць падрыхтаваны да таго, што мяне могуць затрымаць. Дзяржава пільнуе: татальны нагляд, дагляд і падгляд — ён існуе».

Нагадаем, што ў лістападзе 2011 года брэсцкая міліцыя таксама сарвала хардкор-канцэрт. Ён мусіў адбыцца ў фармаце закрытай вечарыны ў ДК «Скокі» (3 км ад Брэста). У якасці хэдлайнераў планаваўся ўдзел расійскага гурта SARAH HERE IS MY TEA. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі пра адмену канцэрта ў самы апошні момант, калі расійскі гурт ужо прыехаў у Брэст. Музыкам прыйшлося папросту паехаць дадому.

Крынiца.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Solve : *
24 − 10 =